Новости проекта
Перенос и удаление уроков
Внесение изменений в личные данные
Важная информация

Каб трагедыя не паўтарылася

Дата: 16 января 2018 в 09:02, Обновлено 19 января 2018 в 08:43
Автор: Митюль В. П.
299 просмотров

Каб трагедыя не паўтарылася

Калі рэйдавая група ў складзе супрацоўнікаў Маладзечанскага ГРАНС і работнікаў Аляхновіцкага адпраўлялася ў супрацьпажарны рэйд у вёску Баяры, пра трагедыю ў Барысаўскім раёне, дзе на пажары загінулі 5 чалавек, ужо было вядома. Таму важнасць падобных прафілактычных мерапрыемстваў стала яшчэ больш відавочна. Візіты ў дамы і кватэры дазваляюць на месцы ацаніць рызыкі ўзнікнення пажару і папярэдзіць бяду.


«Танцаваць» ад печы


       Перад рэйдам кароткая нарада ў будынку Дубраўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Члены рэйдавай групы звяраюць адрасы, куды завітаюць, удакладняюць іншую інфармацыю.

- Сёння наша мэта – наведаць сем'і, якія адносяцца да групы рызыкі, - гаворыць старшыня Аляхновіцкага сельвыканкама Ганна Фурс. – Сярод іх - адзінокія і адзінока пражываючыя пенсіянеры, сем'і, дзе жывуць інваліды, шматдзетныя сем'і, асобы, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, тыя, хто злоўжывае спіртным і вядзе асацыяльны лад жыцця… Усе гэтыя людзі патрабуюць асаблівай увагі. Кантроль найбольш важны ў халодны перыяд года, калі рызыка пажараў узрастае. 
       Ганна Сяргееўна дадала, што прафілактыка дае вынікі. Колькасць пажараў і іншых надзвычайных сітуацый на тэрыторыі сельскага савета з кожным годам памяншаецца. Жыхары населеных пунктаў разумеюць небяспеку, таму адпаведныя прадпісанні супрацоўнікаў ГРАНС выконваюць. На жаль, гэтага не скажаш пра дачнікаў. У ваколіцах Аляхновічаў дзесяткі садовых таварыстваў. Значная доля парушэнняў правілаў супрацьпажарнай бяспекі фіксуецца менавіта там.
      Між тым, рэйд пачаўся. На дзвярах першага дома са спісу вісіць замок. Тут пражывае жанчына, якая «сябруе» з алкаголем. Члены рэйдавай групы абыходзяць падворак, потым вырашаюць наведаць яго яшчэ раз. А пакуль накіроўваюцца па адрасе, дзе сям'я даглядае за ляжачым інвалідам.
      З парога адчуваем спецыфічны пах, аднак у пакоях адносна чыста. У доме дзве печы, прычым тапіцца адна. Яе стан нармальны. Трэба толькі паправіць дзверцы, каб яны не хісталіся. Выратавальнікі тлумачаць гаспадарам правілы эксплуатацыі ацяпляльных прыбораў і просяць падпісаць акт праверкі.
Па наступным адрасе печка спраўная, аднак электраправодка манціравалася вельмі даўно і не адпавядае сучасным патрабаванням. Затое жыхары самі паклапаціліся пра сваю бяспеку і купілі аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Члены камісіі робяць запісы ў спецыяльны журнал. На развітанне яны настойліва раяць жыхарам не курыць у памяшканнях (аб тым, што так адбываецца, сведчаць акуркі ў пакоях).
         У той дзень рэйдавая група пабывала яшчэ ў некалькіх дамах.
- У час падобных рэйдаў увага звяртаецца на стан супрацьпажарнай бяспекі падворкаў. Правяраецца спраўнасць печаў, іншага ацяпляльнага абсталявання, электраправодкі. Таксама тлумачым людзям карысць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, звяртаем увагу на недахопы. Усё гэта дапамагае паменшыць рызыку ўзнікнення пажару. Такія праверкі на Маладзечаншчыне праходзяць рэгулярна, - падкрэсліў галоўны спецыяліст інспекцыі нагляду і прафілактыкі Маладзечанскага ГРАНС Андрэй Кайко.
       Навучыць бяспецы
У час, калі рэйдавая група абыходзіла падворкі Дубрава, у мясцовым навучальна-педаганічным комплексе праходзіў урок па правілах бяспечных паводзін у паўсядзённым жыцці. Праводзіла заняткі інспектар групы прапаганды і навучання Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Валянціна Сопат.       
На ўроку размова ішла не толькі пра тое, як не стаць ахвярай агню. Спецыяліст таксама тлумачыла, чаму нельга знаходзіцца на лёдзе, што трэба ведаць, каб не заблудзіцца ў лесе і як пазбегнуць бытавых траўмаў. Напрыканцы заняткаў дзеці атрымалі каштоўныя падарункі.
- Калі правілы бяспечных паводзін тлумачыць прафесійны ратавальнік, яны засвойваюцца вельмі добра. Дзеці заўсёды рады падобным сустрэчам. Таму супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і падраздзяленняў МНС дае станоўчы вынік, - адзначыў выкладчык комплексу Юрый Капцюг.
        Даведка. Летась на тэрыторыі Маладзечаншчыны адбылося 67 пажараў, у выніку якіх загінула 8 чалавек (усе загінулыя – дарослыя). У 2016-м гэтыя лічбы складалі  77 і 10 (1 непаўналетні) адпаведна.
Як сведчыць статыстыка, асноўнымі прычынамі пажараў з’яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні і парушэнне правілаў эксплуатацыі ацяпляльнага абсталявання.
Спраўны стан печы - гарантыя яе бяспечнай эксплуатацыі. Гэта заўсёды павінны памятаць жыхары падворкаў.
Рэйдавая група правярае спраўнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
Напрыканцы візіту жыхары падпісваюць акт праверкі стану супрацьпажарнай бяспекі жылога памяшкання.
Валянціна Сопат вучыць, як правільна выклікаць дапамогу.
Ілюстраваныя часопісы на супрацьпажарную тэматыку цікавыя і дзецям, і дарослым.
Выхаванцам Дубраўскага вучэбна-педагагічнага комплексу надоўга запомніцца візіт выратавальнікаў.         


    
 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.